ПЕРАДА́ЧА ДА́НЫХ,

перадача інфармацыі, прадстаўленай у выглядзе пэўнага кода. Тэрмін выкарыстоўваўся ў тэлеграфіі, пазней таксама для абазначэння працэсу абмену інфармацыяй паміж ЭВМ з дапамогай апаратуры. Асн. характарыстыкі сістэм П.д. — скорасць перадачы, імавернасць памылкі і інш.

У пашыраным сэнсе П.д., у т. л. тэлефанія, электронная пошта, відэаканферэнцсувязь, праграмы радыё- і тэлевізійнага вяшчання — перадача эл. сігналаў (пераважна лічбавых) сродкамі электрасувязі. Адрозніваюць лакальныя і глабальныя (напр., Інтэрнет) сеткі П.д., якія дазваляюць атрымліваць любы від паведамленняў. Глабальныя сеткі П.д. з’яўляюцца сеткамі агульнага карыстання і даюць абанентам максімум паслуг сувязі. П.д. ажыццяўляецца па лічбавых каналах правадной і бесправадной (напр., радыёканалах) сувязі; пры П.д. па аналагавых каналах дадаткова выкарыстоўваюцца спец. прылады — мадэмы.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)